Першая евангеліцка-лютэранская царква ў Беларусі была заснавана яшчэ ў перыяд эпохі Рэфармацыі ў Еўропе каля 1535 г. Да канца XVI стагоддзя ў Вялікім княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім (далей – ВКЛ) існавала каля 10 лютэранскіх парафій. Пад «рускімі землямі» ў складзе ВКЛ разумелася не сучасная Расія, а ўсходнія землі сучаснай Беларусі, землі Украіны, а таксама Смаленская і Бранская вобласці сучаснай Расіі. У Сярэднія стагоддзі пад Літвой неабходна было разумець паўночна-заходнія землі сучаснай Беларусі і паўднёва-ўсходнія землі сучаснай Літвы. Заходнія землі сучаснай Літвы называліся Жамойціяй. Такім чынам, сучасныя беларускія землі складаюцца з земляў сярэднявечнай Літвы і Заходняй Русі – гэта і была сярэднявечная Беларусь. Сучасная Расія менавалася ў Сярэднія стагоддзі Вялікім княствам Маскоўскім або Масковія. Пры чым гэта былі прыходы не замежных грамадзян (паслоў і купцоў), як, напрыклад, у XVI стагоддзі на Маскве, а евангелічныя прыходы менавіта беларускіх падданых (русінаў і літвінаў) вялікага князя ВКЛ.
Адным з першых евангеліцка-лютэранскіх прапаведнікаў у ВКЛ быў літовец Абрагам Кулева, выпускнік адной з семінарый у Германіі і які стаў там рымска-каталіцкім святаром. Аднак, вярнуўшыся ў Вільню (цяпер Вільнюс) у 1539 годзе, А. Кулева стаў прапаведаваць ідэі М. Лютэра пры касцёле Святой Ганны ў Вільні (шэдэўр гатычнай архітэктуры ВКЛ, які можна паглядзець і зараз) і заснаваў Лютэранскую школу, дзе вучыліся ўраджэнцы як літоўскiх, так і беларускіх земляў. З-за ганенняў прадстаўнікоў Рымска-каталіцкай царквы ён мусіў пакінуць Вільню і ўцячы з краіны. Пачынаючы з 1550–х гадоў лютэранскія парафіі (прыходы) развіваліся ў Вільні і Слуцку, крыху пазней — у Мінску, Гродне, у вёсках Гайцюнішкі цяпер Воранаўскага раёна, Вішнева — цяпер Смаргонскага раёна, Янава Ашмянскага раёна (Гродзенская вобласць, Беларусь). У 1600 годзе, паводле некаторых звестак, ужо існавала лютэранская парафія ў паселішчы галендраў у Нэйдорфе, якая была ў ваколіцах Берасьця. Галендры – нашчадкі галандцаў, якія пасяліліся недалёка ад Брэста, верагодна, у XVI стагоддзі. Гэтак бурнаму развіццю лютэранства спрыяў традыцыйны рэлігійны лібералізм у ВКЛ. Яшчэ ў 1563 годзе прававая роўнасць пратэстантаў з рыма-каталікамі і праваслаўнымі зацвердзі парламент ВКЛ, і гэтая норма была ўнесена ў Трэці Статут ВКЛ 1588 года, напісаны на старабеларускай мове або на беларускай рэдакцыі «езыка руского».
У XVI стагоддзі пануючай канфесіяй сярод пратэстантаў ВКЛ быў кальвінізм (Рэфарматарская царква) або як яна названа ў беларускіх сярэднявечных дакументах – “вера гельвецкая”, г.зн. “швейцарская вера”, паколькі Ж. Кальвін быў швейцарскім хрысціянскім рэфарматарам. Галоўным папулярызатарам кальвінізму быў сярэдневяковы беларускі князь (літвін) Мікалай Радзівіл Чорны, канцлер ВКЛ і ваявода віленскі. Прыняўшы вучэнне Кальвіна ў 1533 годзе разам са сваёй сям’ёй, М. Радзівіл Чорны выкарыстоўваў уласныя сродкі і ўплыў для распаўсюджвання менавіта кальвінізму ў сваіх прыватных феадальных уладаннях на Беларусі. Кальвінізм прымае таксама большую частку рыцарства сярэднявечных земляў Беларусі і таксама часткова сярэднявечнае сялянства. Былі адкрыты кальвінісцкія школы ў Вільні, у Навагрудку, у Нясвіжы, у Слуцку, у Оршы. Асабліва легендарнай сярод пратэстантаў ВКЛ стала кніга віленскага пастара Самуэля Дамброўскага “Пастыля”. Пра яе хадзілі легенды, расказвалі, што кніга «Пастыля» не гарэла, калі яе кінулі ў печ рымска-каталіцкія святары. Цікава адзначыць тое, што згодна з пацверджанай пісьмовай крыніцай менавіта пратэстант Саламон Рысінскі ўпершыню ў гісторыі Беларусі ідэнтыфікаваў сябе не літвінам або русінам, як рабілі ў XVI стагоддзі амаль усе продкі сучасных беларусаў, а, літаральна, «беларусам». Гэта сведчыць аб тым, што ў гісторыі Беларусі пратэстантызм садзейнічаў фарміраванню сучаснай беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, паколькі Рымска-каталіцкі касцёл садзейнічаў паланізацыі сярэднявечных беларусаў і літоўцаў, нягледзячы на тое, што ён не быў тады па-сутнасці польскім, а Праваслаўная царква з другой паловы XVIII стагоддзя, будучы ужо часткай Расійскай Праваслаўнай царквы, спрыяла русіфікацыі беларусаў. Існуе меркаванне ў шэрагу гісторыкаў, што ў пратэстантызм перайшоў і першы беларускі кнігадрукар Францыск Скарына. Так на V Латэранскі сабор Рымска-каталіцкай царквы, які адбыўся ў 1512 – 1517 гадах, прыбыла дэлегацыя дацкага караля, а пры ёй складаўся нейкі Скарына. І ўжо праз тры месяцы ў Падуі, пры абароне доктарскай ступені, Францыска Скарыну называюць сакратаром дацкага караля Ханса. Значыць, ужо тады Скарына мог быць пратэстантам, бо Данія лютэранская краіна. Аднак гэта ня так. Данія перайшла ў лютэранства пазней, пры каралю Крысціяне III (1534–1559), выхаваны ў лютэранскай веры, які адразу пасля каранацыі выдаў загад аб арышце рымска-каталіцкіх біскупаў і абвясціў, што зараз у Даніі павінна прапаведавацца толькі лютэранства. У 1537 годзе, з ухвалы М. Лютэра, было зацверджана новая царкоўная прылада ў Дацкім каралеўстве. Магчыма, Ф. Скарына адзін час працаваў сакратаром дацкага караля, але не як пратэстант. Важна адзначыць, што большая частка магнатаў ВКЛ вызнавалі ў канцы XVI стагоддзя ўжо пратэстантызм.
У 1569 годзе магнаты ВКЛ падпісалі дамову з Польшчай аб стварэнні агульнай Рэспублікі або Рэчы Паспалітай Абаіх Народаў. У канцы XVI стагоддзя па ўсёй Еўропе ад Партугаліі да ВКЛ пачалася Контррэфармацыя, г.зн. сукупнасць контрмер Рымска-каталіцкай царквы па супрацьдзеянні Рэфармацыі. Па запыце рымска-каталіцкага караля Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў Стэфана Баторыя, чыя каралеўская рэзідэнцыя была ў замку беларускага горада Гродна, з Заходняй Еўропы ў беларускія землі прыбыў Ордэн Езуітаў (Таварыства Езуса) для барацьбы з пратэстантамі. Гродна стаў пры каралю С. Баторыі асноўным цэнтрам Контррэфармацыі не толькі ў беларускіх, але і ў літоўскіх землях, а пазней і ва Усходняй Латвіі. У гэтай барацьбе праваслаўны клір сярэдневяковай Беларусі падзяліўся. Адны сталі на бок рыма-каталікоў і гэта таксама садзейнічала заключэнню ў беларускім горадзе Брэст у 1596 годзе царкоўнай уніі паміж Рымска-каталіцкай царквой і Праваслаўнай царквой у ВКЛ і ў польскай Украіне адной з важнай у гісторыі Усходняй Еўропы. Пасля царкоўнай уніі ўзнікла Уніяцкая царква або Грэка-каталіцкая царква, як яна называецца дагэтуль. Іншыя з праваслаўнага кліру былі салідарныя з пратэстантамі ў барацьбе супраць дамаганняў Папы Рымскага на ўмацаванне становішча Рымска-каталіцкай царквы ў беларускіх землях на тэрыторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай Абаіх Народаў. Ордэн Езуітаў не стаў пераследаваць пратэстантаў ВКЛ з дапамогай інквізіцыі, але Ордэн стварыў магутны рух Контррэфармацыі на аснове адукацыйных цэнтраў у выглядзе калегіумаў па ўсёй Беларусі. Рымска-каталіцкія цэрквы Ордэна Езуітаў і іх будынкі калегіумаў XVI-XVIII стагоддзяў можна і зараз убачыць у Гродне, у Пінску, у Мінску, у Полацку, у Оршы і нават у вёсцы Юравічы (Гомельская вобласць), а таксама і ў іншых гарадах і вёсках Беларусі. На вучобу ў прэстыжныя езуіцкія калегіумы запрашалі ўсіх жадаючых незалежна ад канфесійнай прыналежнасці, аднак сістэма адукацыі была выбудавана так, што выпускаліся з калегіумаў усе амаль перакананымі рыма-каталікамі. Тым не менш, пазіцыі кальвіністаў і лютэранаў у ВКЛ да сярэдзіны XVII стагоддзя былі моцныя сярод рыцарства. Калі ВКЛ падпісала чарговую унію, напрыклад, з лютэранскай Швецыяй у літоўскім горадзе Кейданяй у 1655 годзе, то парламент ВКЛ складаўся з адных лютэранаў і кальвіністаў, у тым ліку толькі двух праваслаўных і, што дзіўна, не было ніводнага рыма-католіка.
Пасля перамогі Контррэфармацыі ў беларускіх землях і ўмацавання становішча Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі, у т.л. і праз Уніяцкую царкву, беларускіх лютэранаў амаль не засталося. З XVIII стагоддзя ў беларускіх землях у асноўным лютэранамі былі латышы і немцы, якія жылі ў Рэчы Паспалітай Абаіх Народаў. Тым не менш, пазіцыі кальвіністаў і лютэранаў у ВКЛ да сярэдзіны XVII стагоддзя былі моцныя сярод рыцарства. Калі ВКЛ падпісала чарговую унію, напрыклад, з лютэранскай Швецыяй у літоўскім горадзе Кейданяй у 1655 годзе, то парламент ВКЛ складаўся з адных лютэранаў і кальвіністаў, у тым ліку толькі двух праваслаўных і, што дзіўна, не было ніводнага рыма-католіка. Тым не менш лютэранства ў Беларусі яшчэ доўгі час не губляла элементаў сваёй гістарычнай самабытнасці. Нягледзячы на новы прыток нямецкіх і латышскіх перасяленцаў, якія папаўнялі колькасць лютэранаў ужо былога ВКЛ у перыяд Расійскай імперыі ў канцы XVIII-XIX стагоддзяў, заставалася яшчэ значная колькасць і “старых” лютэранаў, асабліва на захадзе Беларусі, перш за ўсё, у рэгіёне Брэста і ў горадзе Гродна, і ў Гродзенскай вобласці (Гайцюнішкі і іншыя населеныя пункты), цесна гістарычна звязаных з пратэстантызмам ВКЛ.
У выніку анэксіі Беларусі Расейскай імпэрыяй у 1772-1795 гг. пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай Абаіх Народаў лютэранскія прыходы былога ВКЛ былі падпарадкаваны розным дэпартаментам расійскага імперскага ўрада. Так, пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай Абаіх Народаў (1795 г.) і сама Літоўская Кансісторыя ў Вільні стала падпарадкавана расійскаму Міністэрству юстыцыі. Ва Ўсходняй Беларусі, якая ўвайшла ў склад Расеі ў 1772 годзе, лютэране і кальвіністы спачатку нават адчулі некаторую палёгку ад прыгнёту з боку радыкальнага рымска-каталіцкага духавенства ў ранейшыя часы Рэчы Паспалітай Абаіх Народаў. У прыватнасці, лютэранская абшчына ў Полацку ў 1775 годзе пабудавала новы будынак царквы.
У 1780 годзе па асабістым дазволе імператрыцы Кацярыны II новую лютэранскую царкву заснавалі і магілёўскія лютэране. Пры наведванні беларускага горада Магілёва, расійская імператрыца ўказала тамтэйшаму праваслаўнаму арцыбіскупу Г. Каніскаму перадаць лютэранам адну з незапатрабаваных праваслаўных пабудоў. У Віцебску ў 1833 годзе расійскімі ўладамі быў перададзены пад лютэранскую святыню будынак былой рымска-каталіцкай царквы XVIII ст. Аднак пры параўнальна цярпімым стаўленні да лютэранства і кальвінізму расійскія ўлады ў той жа час устанавілі і шэраг абмежаванняў. Так, у выпадку шлюбу з праваслаўным ці праваслаўнай, лютэране і кальвіністы па расейскім законе не маглі выхоўваць сваіх дзяцей у пратэстанцкім вызнанні. Пераход лютэранаў у праваслаўе ў той жа час усяляк заахвочваўся, тады як зварот праваслаўных у лютэранства з’яўляўся ў Расіі крымінальным злачынствам як для самога верніка, так і для пастара абшчыны аж да 1905 года. На будаўніцтва новай лютэранскай царквы патрабавалася абавязковая згода мясцовых праваслаўных царкоўных уладаў.
Расейскія ўлады імкнуліся ліквідаваць і якую-небудзь самабытнасць лютэранскай традыцыі на беларускіх землях. Ужо ў 1805 годзе з Санкт-Пецярбурга быў прадпісаны да ўжывання новы абрад літургіі чымсьці падобны на шведскі абрад – замест старасаксонскага абраду, які выкарыстоўваўся ў ВКЛ. Згодна з указам расійскага імператара Аляксандра І ад 1819 года лютэран і кальвіністаў (рэфарматараў) Расійскай імперыі аб’ядналі ў адну дэнамінацыю. У 1832 годзе пасля польскага паўстання 1831 г., якое падтрымалі многія беларусы з розных канфесій, якія ратавалі за аднаўленне Рэчы Паспалітай Польшчы і ВКЛ, рэшткі аўтаноміі і самабытнасці лютэранаў Беларусі былі канчаткова ліквідаваны. Напрыклад, старажытная Віленская Кансісторыя ўвогуле была распушчана, а ўсе лютэранскія парафіі былога ВКЛ – Віленскай, Ковенскай (Каўнаскай), Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў – былі далучаны ў Восьмую дыяцэзію Курляндскай кансісторыі са сталіцай у горадзе Мітава (зараз г. Элгава, Латвія), якая кіравалася на падставе уніфікаванага статута. Адначасова пецярбургскія ўлады ўвялі і новы лютэранскі служэбнік (Агенду) у Восьмай дыяцэзіі, складзены цяпер ужо па прускім узоры. Справаводства ў лютэранскіх парафіях павінна было весціся толькі па-нямецку. Аднак давалася гэта з цяжкасьцю ў беларускіх землях. Спробы ўвесці, напрыклад, у богаслужэнне нейдорфскай лютэранскай парафіі на Брэстчыне нямецкую мову ў 1868 годзе былі спынены з прычыны безнадзейнасці. А з дадзеных перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 года вынікае, што больш за 1600 лютэранаў запісаліся тады проста “беларускамоўнымі”. Акрамя таго, у некаторых раёнах паўночнай Беларусі, дзе сяліліся латышскія перасяленцы, пропаведзі вяліся пастарамі па-латышску.
Цікавай з’явай у гісторыі беларускага лютэранства можна назваць і выпадкі навяртання юдэяў у лютэранства ў другой палове ХІХ стагоддзя. Як вядома, яўрэі былі пазбаўлены многіх агульнаграмадзянскіх правоў у Расійскай імперыі, жылі ў межах аселасці ў межах былой Рэчы Паспалітай Абаіх Народаў, аднак у выпадку прыняцця хрысціянства, яны станавіліся паўнапраўнымі падданымі Расійскай імперыі. З ліку яўрэяў, якія прымалі тады хрышчэнне ў Беларусі, многія выбіралі менавіта лютэранства. Магчыма, гэта было звязана з моцнай нацыянальна-культурнай абумоўленасцю расійскага праваслаўя, нацыяналістычна заточанага на гісторыю і культуру Расіі, а таксама з-за яго культу святых і ікон, што абавязвала іудзеяў шанаваць, акрамя Бога, што гістарычна было чужа духу юдаізму і Бібліі. У апошнім выпадку з гэтай жа прычыны не прымалі яны асабліва і рымскі каталіцызм.
Важна адзначыць, што пратэстантамі ў гісторыі Беларусі былі некаторыя з беларускіх грамадскіх і культурных дзеячаў першай паловы XX стагоддзя, у прыватнасці, першы рэдактар першай беларускай газеты “Наша Ніва” ці “Nаšа niva” А. Уласаў быў метадыстам, а беларускі драматург Франц Аляхновіч вызнаваў кальвінізм (быў рэфарматам). Кальвіністам быў і адзін з бацькоў беларускага нацыянальнага адраджэння, палітычны і культурны дзеяч першай паловы ХХ стагоддзя прафесар Вацлаў Іваноўскі.
Падзеі першай паловы ХХ стагоддзя, перш за ўсё, Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года ў Расійскай імперыі, а пазней і савецка-польская вайна (1919-1921 гг.) падзялілі беларускія землі паміж будучым СССР і Польшчай па Рыжскай мірнай дамове 1921 года. На жаль, дэлегацыю з БССР на перагаворны працэс у Рызе Савецкая Расія не дапусціла і пагадзілася аддаць амаль палову Беларусі палякам. На ўсходзе Беларусі ўжо ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы бальшавіцкая ўлада паклала канец існаванню якіх-небудзь лютэранскіх парафій да 1939 года. Зямлі Заходняй Беларусі разам з горадам Вільняй апынуліся ў Польшчы.
У 1920-х гадах у Заходняй Беларусі востра паўстала пытанне аб выданні Святога Пісання на сучаснай беларускай мове. Папярэдні пераклад Бібліі на беларускую мову быў ажыццёўлены яшчэ ў XVI стагоддзі Ф. Скарынам і М. Радзівілам (Чорным). Важна адзначыць, што да гэтага падключыліся і нешматлікія лютэране Заходняй Беларусі, якія былі прадстаўлены ў асноўным у трох гарадах: Брэст, Гродна і Вільня. У 1928 г. лютэранскі пастар, а пазьней і сеньёр Віленскай лютэранскай дыяцэзіі З. Лёпэ пісаў пра тое, што ён меў патрэбу ў Новым Запавеце на беларускай мове для пропаведзі. Заслуга яго ініцыятывы, а таксама іншых пратэстантаў найперш метадыстаў і баптыстаў Заходняй Беларусі была ў тым, што па-беларуску была выдадзена Антонам Луцкевічам і Лукай Дзекуць-Малеем у 1931 г. поўная версія Новага Запавету і Псалмаў. Гэта быў рэкордны тыраж для ўсяго беларускага кнігавыдавецтва (наклад у 25000 асобнікаў).
У выніку пакта Молатава-Рыбентропа ў 1939 годзе Заходняя Беларусь уз’ядналася з Усходняй Беларуссю, а горад Вільня ўжо як горад «Вільнюс» перайшоў у склад анексаванай бальшавікамі Літвы, якая стала часткай СССР. Усе лютэранскія парафіі ў Заходняй Беларусі таксама былі зачыненыя бальшавікамі. Адраджэньне лютэранства ў Беларусі пачалося толькі ў 1990-х гадах пасьля падзеньня СССР.
Адраджацца парафіі сталі на базе нямецкіх абшчын Беларусі. Неабходна адзначыць, што Эвангеліцка-лютэранская царква не зьяўляецца выключна верай Германіі ці немцаў і яна не ўзьнікла на голым месцы як выдумка М. Лютэра, як многія памылкова мяркуюць, але ўяўляе сабою рэфармаванае хрысьціянства, якое належыць усім нацыям і расам на Зямлі. Пры дбайным вывучэнні Бібліі многія пагаджаюцца прыняць прынцыпы евангелічнай ці евангельскай веры, як яна названа самім апосталам Паўлам (Пасланне да Філіпянаў 1:27). Менавіта так першапачаткова і называлася хрысціянская вера ў I стагоддзі н.э.
Што ж да гісторыі лютэранства ў Мінскім рэгіёне, то гісторыя лютэранства вядзецца з XVI стагоддзя. Самае ранняе згадванне аб з’яўленні лютэранства на тэрыторыі Беларусі адносіцца менавіта да 1535 года, калі мінскі князь Юрый Сямёнавіч выдзеліў зямельны ўчастак для пабудовы лютэранскай царквы. Далей гісторыя замоўчвае, што з ёю стала. З гісторыі позняга перыяду мы ведаем дакладна, што на плане горада Мінска 1809 года ўжо пры расійскай адміністрацыі з’явілася лютэранская царква, якой яшчэ не было на плане 1793 года ў эпоху Рэчы Паспалітай Абаіх Народаў. Першым пастарам лютэранскай парафіі ў Мінску ў перыяд Расійскай імперыі быў Карл Людвіг Гемерых. У 1798 годзе пастарам парафіі ў Мінску стаў Самуіл Карштэт. Пры ім пачала будавацца лютэранская царква ў горадзе Менску. Першага студзеня 1811 года адбылося асвячэнне лютэранскай царквы святых Паўла і Аляксандра, пабудаваных у гонар святых апекуноў расійскіх імператараў – імператара Паўла I і яго сына Аляксандра, які пазней стаў імператарам Аляксандрам I. У Расійскай імперыі, у тым ліку і Фінляндыi, кіраўніком Евангеліцка-лютэранскай царквы быў манарх, г.зн. расійскі імператар. Лютэранская царква святога Мікалая знаходзілася на Мала-Лютэранскай вуліцы (цяпер скрыжаванне вуліц Карла Лібкнехта і Каржа, дзе зараз знаходзіцца Лютэранскі сквер).
Лютэранская царква ў Мінску дзейнічала да 1933 года, калі ў будынак кірхі быў змешчаны бальшавікамі тэатр юнага гледача. Пазней яно было ўвогуле знесена. Дарэчы, у мінскай лютэранскай царкве святога Мікалая быў ахрышчаны беларускі пісьменнік Артур Вольскі, які больш за дзесяць гадоў быў дырэктарам Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача. У свой час у Менску пражывалі больш за 2000 немцаў. Іх сем’і сяліліся ў раёне з назвай “Нямецкая Слабада”. Яна складалася з трох вуліц: Лютэранскай, Малой Лютэранскай і Нямецкай. Пазней яны ўсе былі перайменаваны савецкай уладай у вуліцу Волаха, вуліцу Клары Цэткін і вуліцу Розы Люксембург, адпаведна. Чатырнаццатага мая 2019 года была ўрачыстая цырымонія адкрыцця памятнага знака на тэрыторыі Лютэранскага сквера ў г. Мінску ў былой частцы “Нямецкай Слабады”, дзе і знаходзіўся будынак царквы святога Мікалая. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, адміністрацыі Маскоўскага раёна, амбасада Германіі, члены лютэранскай абшчыны горада Мінска.
У 1990-х пачалося адраджэнне Евангелічна-лютэранскай царквы ў горадзе Мiнску. Па стане на 2021 г. афіцыйна зарэгістраваны два прыходы. Як бачна з дадзенага артыкула, лютэранства ў гісторыі хрысціянства Беларусі мае больш глыбокія карані, чым проста «рэлігія нямецкіх перасяленцаў з Заходняй Еўропы». Гэта ўлічыў і беларускі заканадавец, калі вызначаў традыцыйныя канфесіі ў Беларусі. Згодна з прэамбулай Закона Рэспублікі Беларусь “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” ад 17 снежня 1992 г. № 2054-XІІ Евангелічна-лютэранская царква ў Беларусі прызнана неаддзельнай ад гісторыі Беларусі разам з рымскім каталіцызмам і праваслаўем, г.зн. прызнана традыцыйным веравызнаннем Беларусі.
Прыкладанне:
Спіс мінскіх лютэранскіх пастараў перыяду Расійскай імперыі можна даведацца з Вікіпедыі са спасылкай на крыніцу: Erik Amburger. 1937. Jahrhunderts bis 1937. Ein biographisches Lexikon. – Lüneburg: Institut Nordostdeutsches Kulturwerk; Erlangen: Martin Luther Verlag, 1998. – S. 159-160.
1796 Карл Людвіг Гемерых
1798-1831 Самуіл Карштэт
1833-1835 Карл Леберэхт Бэкман
1835-1859 Петэр Вільямс
1860-1871 Яўген Шродэр
1872-1878 Ульрых Грундберг
1878-1885 Эдуард Гахлнбек
1886-1891 Адрыян Шультц
1892-1893 Яўген Клуге
1893-1905 Тэадор Швалкоўскі
1905 Вільгельм Руст
1906-1920 Адам Матшулан